Падзеі паміж Масквой і Канстанцінопалем з пункту гледжання палітыкі

Што адбылося з праваслаўнай царквой, калі паглядзець на падзеі з пункту гледжаня палітыкі? Нагадаю, што сёлета 15 кастрычныіка Сінод Рускай паваслаўнай царквы абвесціў у Мінску сваю пастанову ў сувязі з дзеяннямі Канстанцінопальскага патрыярхату. У ёй, між іншым, значыцца: «З прычыны антыкананічных дзеянняў, якія працягваюцца Канстанціноальскім патрыярхатам, прызнаць немагчымым далейшае знаходжанне з ім у еўхарыстычных стасунках».




Адразу, на маю думку, трэба акрэсліць азначэнні. Што такое раскол паводле праваслаўнага веравучэння? Вось што наконт гэтага пісаў свяціцель Ігнацій Бранчанінаў: «Расколам завецца парушэнне поўнага яднання са Святой Царквой, з дакладным захаваннем, аднак, сапраўднага вучэння пра дагматы й таінствы». То бок расколамі лічацца ўсе цэрквы, якія не маюць еўхарыстычных зносінаў з усім Усяленскім праваслаўем, альбо хаця б з некалькімі памеснымі цэрквамі.


Чаму вельмі важным з’яўляецца захаванне еўхарыстычных зносінаў паміж праваслаўнымі цэрквамі? Усе аўтакефальныя (14 альбо 15 цэркваў), аўтаномныя (5 альбо 6) і з іншымі тыпамі самакіравання (12) цэрквы з’яўляюцца адміністрацыйна, эканамічна і юрыдычна незалежнымі адна ад другой. А значыць, адзіным відавочным прызнакам іхняга адзінства з’яўляюца якраз еўхарыстычныя зносіны.


Еўхарыстычныя зносіны — гэта магчымасць сумеснага служэння літургіі двума епіскапамі ці святарамі.


У абодвух дыптыхах Маскоўскага і Канстанцінопальскага патрыярхатаў (спісах імёнаў, прадстаяцеляў аўтакефальных цэркваў, у якім імёны пералічваюцца ў традыцыйным парадку пашаны) Канстанцінопальскі патрыярхат значыцца на першым месцы. Руская праваслаўная царква стаіць на пятым месцы паводле абодвух дыптыхаў.


Царква-маці (альбо Кірыярхальная царква) — гэта тая Царква, якая схіліла ў хрысціянства нехрысціянскі народ ці вярнула ў праваслаўе ератычную альбо раскольніцкую абшчыну на тэрыторыі, якая не ўваходзіць у склад ніводнай памеснай Царквы.


У Канстанцінопальскага патрыярхату няма Мацярынскай-царквы. Але яна сама з’яўляецца такой для 7-мі аўтакефальных цэркваў. Руская праваслаўная царква з’яўляецца Кірыярхальнай царквою для Польскай і Амерыканскай (якая прызнаецца не ўсімі праваслаўнымі) аўтакефалій. У той жа час РПЦ прызнае за Царкву-маці Канстанцінопальскі патрыярхат.


Усяго існуе 4-ры Кірыярхальныя царквы, якія не падначальваюцца іншым праваслаўным аўтакефаліям — Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыяхійская і Іерусалімская. З іх толькі Канстанцінопальская і Антыяхійская з’яўляюцца Цэрквамі-маці для іншых аўтакефалій. У склад першай уваходзіць Руская праваслаўная царква, якая, у сваю чаргу, у выніку палітычных спрэчак з Канстанцінопалем набыла сабе Польскую (ППЦ) і Амерыканскую (ПЦА) праваслаўныя цэрквы.


Пасля Другой сусветнай вайны спробы Канстанцінопаля надаць праваслаўнай царкве ў Польшчы аўтакефалію скончыліся праз дапамогу камуністычнага рэжыму Маскоўскаму патрыярхату. Менавіта камуністы паўплывалі на польскага мітрапаліта Дыянісія звярнуцца з пакаянным лістом да маскоўскага патрыярха Аляксія. Гэта дазволіла савецкаму рэжыму трымаць грамадства пад яшчэ большым кантролем, а Маскоўскаму патрыярхату — стаць Кірыярхальнай царквой.


З Праваслаўнай царквой Амерыкі ўсё крыху цяжэй. Але зазначу толькі, што адразу РПЦ не прызнавала яе аўтакефаліі. Аднак праз некаторыя падзеі ў 1970-м годзе Сінод Рускай царквы Патрыяршым томасам дараваў РПГКЦА аўтакефалію. Гэтае рашэнне ўвайшло ў канфлікт з бачаннем будучыні праваслаўя ў Паўночнай Амерыцы, якога прытрымліваўся Канстанцінопальскі патрыярхат. Аўтакефалію ПЦА адкрыта прызналі Грузінская, Балгарская, Польская цэрквы і Праваслаўная царква Чэшскіх земляў і Славакіі. Аднак адсутнасць прызнання аўтакефальнага статусу з боку іншых памесных праваслаўных цэркваў не перашкаджае ім знаходзіцца з ПЦА ў еўхарыстычных зносінах.


* * *





Цяпер можна перайсці да разгляду спрэчкі паміж патрыярхатамі з палітычнага пункту гледжання.


Стратэгам Крамля выдатна зразумела, якi ўплыў на грамадства «постсаўка» мае РПЦ. Таму яны мусiлi скарыстацца такой магчымасцю.


Як вынiк, мы бачым шматлiкiя СМI з прапагандысцкiмi пасыламi да праваслаўных парафiянаў. У iх царква рукамi спецыялiстаў багаслоўя выказвае думкi, якiя нясуць зусiм не рэлiгiйныя вынiкi. Напрыклад, заява прафесара Маскоўскай праваслаўнай духоўнай акадэміі Аляксея Ільіча Осіпава пра тое, што сучасны Папа Рымскi і каталікі схіляюцца да сатанізму (ад 3:35 хвіліны). Вось што падпісаў сам прафесар пад гэтым відэа на сваім Ютуб-канале:


«КАКОМУ БОГУ ПОКЛОНЯЕТСЯ ПАПА? Многие поступки и высказывания Франциска вызывают, по меньшей мере, недоумения, а часто и впечатление, что папа прямо уходит от начал христианской веры и основ Евангельской жизни. Достаточно обратить внимание, хотя бы на следующее, чтобы убедиться в этом».


Гэта толькі адзін з прыкладаў, які транслюецца на ўсё СНД. А вось тэлеканал, які вяшчае ўсё гэта шырокай грамадзе — «Спас». Уплыў на грамадства ён мае вялікі. Людзі сапраўды вераць у тое, што ім кажуць з гэтых экранаў. Яны не ставяцца да інфармацыі крытычна, не разбіраюцца ў казуістыцы прамоў.


За апошнiя гады РПЦ сталася iнструментам уплыву на вялiкiя людскiя масы. Каб ацанiць маштаб, варта адзначыць, дзе Руская праваслаўная царква мае свае падначаленыя структуры. У яе юрысдыкцыю ўваходзяць 17 суб’ектаў, 16 з якіх — краіны. Мае 7 епархіяў за межамі сваёй юрысдыкцыі. 7 аўтаномных цэркваў знаходзяцца ў кананічнай залежнасці ад РПЦ. Руская праваслаўная царква мае 412 епіскапаў, 303 епархіі, 944 манастыры, 36.878 парафіяў і 78.828 святароў рознага ўзроўню (клірыкаў, прасвітараў, дыяканаў). Аўдыторыя, на якую РПЦ мае непасрэдны ўплыў, налічвае больш за 120 мільёнаў чалавек.


Для параўнання, 34 суб’екты знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Кансанцінопальскага патрыярхату. Але на гэтым маярытэт Варфаламея скончваецца. Пад яго пачаткам знаходзяцца ў кананічнай залежнасці толькі 3 аўтаномныя царквы. Толькі 130 епіскапаў (у тым ліку й тыя, хто знаходзіцца на спачыне), 63 епархіі, 60 манастыроў і прыблізна 3.200 парафій. Колькасць людзей жа, на якіх Канстанцінопаль мае ўплыў, крыху большая за 8 мільёнаў чалавек.


Таму Масква з’яўляецца самым вялiкiм праваслаўным цэнтрам у свеце. I калi патрыярх Кiрыл робiць нейкiя заявы альбо ўвесь патрыярхат займае пазiцыю па нейкiх пытаннях, то сусветнае свецкае грамадства ўспрымае гэта як пазiцыю ўсiх праваслаўных. Мала хто разбiраецца ў тонкасцях узаемаадносiн унутры канфесii. Большасць сыходзiць з рэалiяў значна вядомейшай каталiцкай царквы. Там Папа Рымскi адзiны, хто выражае пазiцыю Касцёла. Дый простае мысленне, што РПЦ — самы вялiкi патрыярхат — не дазваляе меркаваць, што яно будзе лiчыцца з думкамi астатнiх частак праваслаўнага свету.


Менавiта таму Канстанцiнопальскi патрыярхат вымушаны рабiць палiтычныя крокi па лiквiдацыi дамiнавання Масквы. Ад гэтага залежыць далейшы лёс усёй царквы. I пазбегчы палiтызацыi ў дадзенай сiтуацыi проста не магчыма.


Крэмль мае тут свой інтарэс — колькасць тых, на каго можна распаўсюдзіць свой уплыў. Адтуль яхты, аўто, аксесуары, рэзiдэнцыi патрыярха… Пры гэтым, шмат за што не трэба плацiць налогi.


Можна меркаваць, што Канстанцінопаль працягне палітыку аддзялення ад РПЦ новых аўтакефалій. Масква, у сваю чаргу, зробіць усё, каб гэта не дазволіць.


Трэба прыгадаць, што спрэчкі за сферы ўплыву паміж РПЦ і Канстанцінопалем маюць даўні характар. Так было з пытаннем аўтакефаліі Праваслаўнай царквы ў Амерыцы. І нават разрыванне еўхарыстычных стасункаў ужо адбывалася. У 1996 годзе Канстанцінопаль надаў аўтаномію частцы праваслаўных парафіяў на тэрыторыі Эстоніі. РПЦ зрабіла такі самы крок, як і цяпер.


Але ў Эстоніі размова ішла пра некалькі дзясяткаў парафій у неправаслаўнай краіне. Ва Ўкраіне ж іх больш за 12 тысяч. А гэта — траціна царкоўных уладанняў РПЦ. А таксама некаторыя чыноўнікі Рускай праваслаўнай царквы адкрыта заяўляюць аб прамым дачыненні ЗША да дзеянняў Канстанцінопаля. Таму наўрад ці сённяшні канфлікт вырашаць цягам некалькіх месяцаў, як тое было ў 1996-м.


* * *




Падсумоўваючы вышэйсказанае. Канфлікт РПЦ з Канстанцінопалем не вырашыцца ніколі. Нават калі тым ці іншым чынам будзе закрытае пытанне аб украінскай аўтакефаліі. Бо пытанне палягае не ў багаслоўскіх звадах, а ў тым, хто галоўны.


Канстанцінопаль стаіць на першым месцы сярод праваслаўных патрыярхатаў. Таксама ў падначаленні Варфаламея знаходзіцца больш суб’ектаў, чым у РПЦ. Аднак па ўсіх астатніх паказніках Масква мае перавагу. І самае галоўнае сфера ўплыву Канстанцінопаля — крыху болей за 8 мільёнаў чалавек.


Можна далучыць да гэтай лічбы больш за 64 мільёны праваслаўных, не падначаленых РПЦ. Таксама нейкім фантастычным чынам прымусіць Польскую і Амерыканскую цэрквы з агульнай колькасцю ўплыву на каля аднаго мільёна чалавек стаць на бок Канстанцінопаля. Усё адно атрымаецца толькі крыху болей за 73 мільёны чалавек. А гэта 61,1% ад сумы людзей, на якую ўплывае Руская праваслаўная царква.


А цяпер возьмем агульную колькасць праваслаўных па ўсім свеце — болей за 220 мільёнаў чалавек. Уявім, што РПЦ пачало супрацьстаянне з усімі астатнімі патрыярхатамі за першынство. У такім выпадку, пад кантролем Масквы застаецца 59,09% усіх праваслаўных свету. Гэта амаль траціна. Лічба дастатковая, каб дыктаваць свае ўмовы, і каб выказванні патрыярха Кірыла і РПЦ лічылі пазіцыяй усіх праваслаўных.


Таму згуба ўплыву над украінскай царквой з’яўляецца балючым ударам у падбрушша РПЦ. 26,05% чалавек выйдуць з-пад уплыву Масквы. І ў такім выпадку расклад сіл мяняецца. У Рускай праваслаўнай царквы застаецца меней за палову ўсіх праваслаўных свету — 44,88%.

Груба кажучы, пры некаторай дапамозе Крамля РПЦ можа сама абвесціць ерытыкамі каго захоча. Але пры наданні Ўкраіне томасу і апалчэнні ўсіх праваслаўных патрыярхатаў супраць Масквы, сітуацыя кардынальна змяняецца. А гэта вымусіць Крэмль пераразмеркаваць свае ўкладанні. У такім выпадку паступова на нішто з’едзе развіццё Рускай праваслаўнай царквы.

Яўген Глаголеў-Васьковіч

Comments