КРЭДА

1. Што ёсць мэтай Маладога Фронту?
Незалежная, дэмакратычная, еўрапейская Беларусь, пабудаваная на хрысціянскіх каштоўнасцях.

2. Што значыць незалежная?
Пад незалежнай мы разумеем палітычна, эканамічна і сацыяльна самастойную Беларусь. Гэта значыць, што нашая краіна з'яўляецца паўнавартасным суб'ектам міжнароднага права і ўзаемаадносін. Беларусь не павінна знаходзіцца ў стане падначаленасці ці залежнасці ад іншых дзяржаў і якіх хаця ўтварэнняў.

3. Што значыць дэмакратычная?
Гэта значыць, што беларуская дзяржава павінна кіравацца прынцыпам «вышэйшага права». То бок у Беларусі павінен панаваць закон. Што разумее пад сабой абарону асобы праз дадзеныя Богам свабоды.

4. Чаму Малады Фронт будуецца на хрысціянскіх каштоўнасцях?
Хрысціянства дае народу становішча свабоды. Яно заснавана на пастулаце таго, што Божы закон заўжды дзейнічае на карысць грамадству. І абсалютна ніхто не можа паставіць сябе па-над гэтым законам.

5. Якая мэтавая група Маладога Фронту?
Маладыя беларусы з усяго свету ва ўзросце 14 — 31 гадоў.

6. Чаму Малады Фронт абапіраецца таксама на беларусаў замежжа?
Дзе б нашыя суайчыннікі не знаходзіліся, яны паўсюль застаюцца беларусамі і могуць несці карысць для сваёй Радзімы. Да таго ж, Малады Фронт — Міжнародны рух беларускай моладзі.

7. Якая місія ў Маладога Фронта?
З новым пакаленнем вывесці Беларусь да незалежнасці, свабоды, дэмакратыі, нацыянальнага і духоўнага адраджэння.

8. Што значыць вывесці да свабоды? Ці Беларусь не свабодная?
Пакуль нашая краіна палітычна, эканамічна ці якім іншым чынам залежыць ад якіх хаця суб'ектаў, да гэтага часу яна не можа быць свабоднаю. Таму Малады Фронт прыкладае ўсе намаганні, каб Беларусь атрымала сапраўдную свабоду. Што і з'яўляецца нашым вядзеннем.

9. Навошта беларусам нацыянальнае і духоўнае адраджэнне?
Не ўсведамляючы сябе асобнай нацыяй і не шануючы беларускія каштоўнасці, наш народ ніколі не здабудзе павагу й дабрабыт.
А калі не адбудзецца духоўнага адраджэння, то здабытыя свабоды пераўтворацца ў хлуслівую загану беззаконня.

10. Якую задачу ставіць перад сабой Малады Фронт?
Мабілізаваць большасць беларускай моладзі дзеля грамадска-палітычнай актыўнасці і перамогі каштоўнасцяў Маладога Фронту.

11. Якія каштоўнасці ў Маладога Фронта?
Хрысціянскія і беларускія.

12. Што разумецца пад хрысціянскімі каштоўнасцямі?
Вось асноўныя з іх: любоў да Бога, любоў да бліжняга, страх Божы, павага да свабоды.

13. Што разумеецца пад беларускімі каштоўнасцямі?
Чалавек, беларуская мова, беларускі народ, культура, супольная свядомасць, вяршэнства закона, традыцыі, свабода, беларуская тэрыторыя і прырода, сімвалы, гісторыя і маёмасць — усё гэта з'яўляецца беларускімі каштоўнасцямі.

14. Стратэгія Маладога Фронту — якая яна?
Быць узорным прыкладам носьбіта хрысціянскіх і беларускіх каштоўнасцяў.

15. А тактыка Маладога Фронту?
Негвалтоўны супраціў, масавыя інфармацыйныя кампаніі, творчыя і розгаласныя акцыі, адукацыя і асвета.

16. Што такое негвалтоўны супраціў?
Гэта значыць, што мы дасягаем сваіх палітычных мэтаў без прымянення гвалту. Гэта дасягаецца шляхам грамадзянскага непраціўлення, забастовак, адмовы ад супрацы, байкота, сімвалічных пратэстаў і іншых падобных дзеянняў.

17. Навошта патрэбныя масавыя інфармацыйныя кампаніі?
Гэта дазваляе актывізоўваць грамадзян, даносіць да іх свае мэты і каштоўнасці. Такім чынам, выдаткоўваючы менш сілаў, мы дасягаем большых вынікаў.

18. Што з'яўляецца творчымі і розгаласнымі акцыямі?
Гэта такія акцыі, якія адным сваім зместам прыцягваюць увагу грамадзянаў і прэсы.

19. Чым дапамагаюць адукацыя і асвета?
Адукацыя і асвета дазваляюць не марнаваць час на рэчы, якія ўжо даўно вядомы. Такім чынам, атрымліваючы адукацыю, навучаючыся, маладафронтаўцы выходзяць у пярэднія шэрагі палітычнай барацьбы.

20. Які змест у Маладога Фронту?
Хрысціянскія прынцыпы, беларускія каштоўнасці.

21. Што такое хрысціянскія прынцыпы?
Гэта духоўнае вучэнне хрысціянства, якое вызначае маральныя арыенціры чалавечых паводзінаў. Паводзіны чалавека грунтуюцца на хрысціянскім уяўленні аб прыродзе і лёсе чалавека, яго зносінах з Богам. Гэта выражаецца ў вызначаным стылі жыцця, разнастайных па сваіх праявах і ўласцівым як індывідуумам, гэтак і вялікім сацыяльным групам хрысціян.

22. Якія маральныя арыенціры ў хрысціяніна?
Яны прапісаны ў Бібліі і іншых кананічных і дагматычных кнігах розных хрысціянскіх канфесіяў. Таксама іх можна знайсці ў творах і жыццяпісах святых і мысліцеляў царквы.

23. Якая форма Маладога Фронту?
Масавы рух, сябры якога раскіданыя па ўсім свеце. Усе, хто цалкам, не дадаючы і не прыбіраючы, падзяляе каштоўнасці Маладога Фронта, — з'яўляецца маладафронтаўцам.

24. Ці мае Малады Фронт іерархію і структуру кіраўніцтва?
Так, мае. Без іерархіі і структуры кіраўніцтва ў сучасным свеце не магчыма ажыццяўляць плённую і актыўную дзейнасць. Менавіта дзейнасць, якая не спыняецца, якая нясе карысць Беларусі, з'яўляецца асноўным спосабам праяўлення актыўнасці маладафронтаўцаў.

25. У чым якасць Маладога Фронту?
Маладафронтавец — значыць лепшы. Гэта ўзор для кожнага маладога беларуса.

26. Якая колькасць Маладога Фронту?
Арыенцір для кожнага населенага пункта — 1 маладафронтавец на 1000 чалавек насельніцтва.

27. Якія лозунгі ў Маладога Фронта?
«Беларусь — гэта святое!»
«Люблю Беларусь!»
«У нас адна дарога — Беларусь для Бога!»

28. Якія сімвалы ў Маладога Фронта?

Бел-чырвона-белы сцяг, герб Пагоня, гімн «Магутны Божа»;
герб Маладога Фронту — Еўфрасінеўскі крыж на тле шчыта з чырвоным крыжом.

Comments

  1. Против армии вы же также выступаете?

    ReplyDelete

Post a Comment