ВОБРАЗ БЕЛАРУСІ

30. Як Малады Фронт разумее асобу?
Мы адмаўляем эгаістычны індывідуалізм. Роўна з гэтым адмаўляем і калектывізм, які прыніжае чалавека. Кожная асоба мусіць клапаціцца пра сябе сама. Аднак задача супольнасці — стварэнне для гэтага адпаведных умоў, а таксама апекаванне слабымі.

31. Якая мова павінна быць дзяржаўнай?
Дзяржаўнай мовай у Беларусі мусіць быць беларуская.

32. А што з рускай мовай?
Руская мова павінна паступова страціць дзяржаўны статус. У выніку, яна павінна застацца мовай нацыянальнай меншасці.

33. А што з варожасцю, якую выкліча пазбаўленне рускай мовы статуса дзяржаўнай?
Па-першае, пазбаўленне гэтага статусу павіна адбывацца не адразу. Толькі праз асвету і заахвочванне мы можам зрабіць беларускую мову па-сапраўднаму адзінай дзяржаўнай. І калі на мову пераходзіць большасць насельніцтва, тады можна смела выносіць моўнае пытанне на рэферэндум.
Па-другое. Калі пасля падобных захадаў нейкія колы будуць выказвацца супраць беларускай мовы, то гэта шавіністы. А шавінізм, як вядома, спараджае фашызм. Суадносна з гэтым будуць выпрацоўвацца меры па супрацьдзеянню.

34. Як Малады Фронт разумее беларускае грамадства?
Вышэйшай уладай у Беларусі павінен валодаць беларускі народ.
Таксама мы вызнаем, што сям'я — найважнейшая элементарная частка моцнага, здаровага і шчаслівага грамадства. Таму ўсебаковая падтрымка сем'яў і сямейных каштоўнасцяў з'яўляецца прыярытэтнай у абароне Маладым Фронтам беларускага народа.

34. Як Малады Фронт прасоўвае беларускую культуру?
Галоўным рычагом у гэтай справе для нас з'яўляецца стварэнне антыімперскіх клубаў. Менавіта ў іх межах мы даносім да грамадзянаў свае каштоўнасці, распавядаем пра гісторыю, адметнасці беларусаў, вучым беларускаму мысленню і філасофіі.

35. Якім чынам Малады Фронт будуе супольную свядомасць?
Праз папулярызацыю хрысціянскіх прынцыпаў і беларускіх каштоўнасцяў. Праз абарону сям'і.
Тасама, для спрыяння ўзрастанню супольнай свядомасці сярод беларусаў, Малады Фронт выступае за парламентскую рэспубліку. Мы вызнаем, што найвышэйшым прадстаўнічым органам заканадаўчай улады з'яўляецца Сойм, абранне якога павінна адбывацца згодна з прапарцыйна-мажарытарнай сістэмай.
Мы выступаем за адраджэнне моцнага мясцовага самакіравання. Менавіта муніцыпальныя традыцыі Полацкага княства і ВКЛ з'яўляюцца для нас узорам супольнай свядомасці грамадзян.

Дапрацоўваецца...

Comments